Узначаліў урачыстасць біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі, SDB.
У каментарыі да літургіі, спадарыня Латушкіна Алена, якая разам з мужам Аляксандрам з’яўляецца адказнай за супольнасць “Хатні Касцёл” у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначыла што: “у сённяшнім крызісе сям’і і сужэнства, Святая Сям′я з’яўляецца для нас прыкладам жыцця, заснаванага на любові і ўзаемным даверы. Гэта прыклад для многіх сужэнстваў, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і праблемы, варта яшчэ раз даверыць і дараваць, каб зноў будаваць Божую сям’ю”.
Больш за 40 сужанскіх пар з Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў ва ўрачыстай працэсіі прайшлі праз Святыя Дзверы як “Браму Божай Міласэрнасці” на пачатку Святой Імшы.
У прывітальным слове біскуп Аляксандр зазначыў, што “у нашым Магілёўскім Рэгіёне запланавана некалькі мерапрыемстваў, якія маюць на мэце дапамагчы розным рэлігійным рухам, групам, аб’яднанням і паасобным вернікам адкрыць новы досвед Божай любові і міласэрнасці і ўцелаўляць яго ва ўласным жыцці. Сёння ў свята Святой Сям’і такі досвед перажываюць сужанцы, сем’і і члены супольнасці “Хатні Касцёл”. Заклікаю ўсіх памаліцца ў інтэнцыі сем’яў нашага Рэгіёну, каб нягледзячы на розныя цяжкасці, яны заўсёды былi моцнымi Богам і ўмелі праяўлець міласэрнасць ў сужэнскім жыцці”.
Важным момантам святкавання стала аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, калі ўсе прысутныя сужэнцы падалі адзін аднаму правыя далоні і паўтарылі за цэлебрансам словы аднаўлення сужэнскай прысягі, у якіх яшчэ раз паабяцалі ўзаемную любоў, вернасць і павагу.
Біскуп вікарый, дзякуючы напрыканцы Святой Імшы святарам супольнасці “Хатні Касцёл” за падрыхтоўку юбілейнай урачыстасці сказаў: “жадаю ўсім сем’ям і сужэнствам нашай Магілёўскай зямлі заўсёды быць сапраўднымі Божымі дзецьмі, якія запрашаць ў сваё жыццё Езуса, і па прыкладу Святой Сям’і ствараюць адносіны поўныя любові, веры і надзеі на Божую дамагогу і ласку. Жадаю нястомна выбіраць тых, хто з’яўляецца вельмі важным для вас, і так неабходным у зямным вандраванні да Божага Валадарства. Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці заклікае нас да адновы і іншага шляху ў сямейным і сужэнскім жыцці. У добры шлях, новы шлях, дарагія сем’і, сужэнствы і члены супольнасці “Хатні Касцёл” нашай умілаванай Магілёўшчыны. Божага Вам благаслаўлення на гэты цудоўны і благаслаўлёны шлях!”
Біскуп вікарый пажадаў каб дадзены Юбілей стаў добрай традыцыяй у свята Святой Сям’і збірацца сем’ям Магілёўшчыны ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава на сумесную малітву за сем’і.
Юбілейную Урачыстасць дапоўніў канцэрт гурту “Небасхіл” з салезіянскай прысутнасці ў Мінскай Серабранцы, якія спецыяльна прыехалі упрыгожыць гэту падзею. Аплатковае спатканне супольнасці “Хатні Касцёл” у клярэтынскай парафіі св. Антонія з Магілёва стала яшчэ адным момантам перажывання Юбілею для сужанцаў, сем’яў і супольнасці “Хатні Касцёл” Магілёўскага Рэгіёну.
За цудоўнае і неабходнае свята для сем’яў Магілёўшчыны падзяка Богу і Яго Найсвяцейшай Маці, Каралевы Сем’яў.
Фотарэпартаж: Марыя Белянская.
http://www.mohylev-katolik.by/index.php/item/289-yubilejnaya-rachystasts-dlya-suzhantsa-sem-ya-i-supolnastsi-khatni-kastsjol-adbylasya-brame-milasernastsi-g-magiljova#sigProGalleria3e3d7b7214