Рымска-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адміністратар з правамі пробашча:
кс. Павел Адамовіч
Адрас:
вул. Камсамольская, 79a
г. Крычаў
Крычаўскі р-н
Магілёўская вобл.
Рэспубліка Беларусь
213500
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Суполка ў сацыяльнай сетцы: Facebook
З гісторыі парафіі:
Першыя звесткі пра крычаўскі касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі датуюцца сярэдзінай XVII стагоддзя. На пачатку XVIII стагоддзя ўжо дакладна вядома, што ён быў драўляным і знаходзіўся ў цэнтры горада на вуглу сучасных вуліц Ленінскай і Камсамольскай, там дзе зараз знаходзіцца раённы ваенны камісарыят. У 1745 годзе храм быў значна перабудаваны (альбо нават пабудаваны нанова) з падачы каралевы Марыі Юзэфы, якая выдаткавала для гэтага 4000 талераў. На кароткі час (1824-32 гг.) пры ім аселі манахі-дамініканцы. Кляштар скасаваны царскім указам 19.07.1832 г.
У 1855 г. цэнтральную частку Крычава знішчыў жудасны пажар. Згарэлі амаль усе пабудовы, у тым ліку і касцёл (16 верасня). Часова багаслужэнні вяліся на першым паверсе палаца Галынскіх, валодаў якім на той час Стэфан Галынскі. На яго ж грошы, а таксама на грошы вернікаў у 1855-1862 гг., быў пабудаваны новы каменны касцёл. Стварыў гэты архітэктурны цуд невядомы італьянскі архітэктар. Архітэктура будынку была вырашана ў стылі неаготыкі. Двухвежавы франтальны фасад па цэнтры быў вылучаны трохпралётнай гатычнай аркай на 4 гранёных слупах, аб'яднанай агульным кілепадобным франтонам у завершы. Фасады і чатырохгранныя ярусы вежаў рытмічна чляніліся гатычнымі стральчатымі ваконнымі праёмамі. Перспектыўным стральчатым парталам быў вырашаны галоўны ўваход у храм. Над імі размяшчалася круглае вакно-ружа. Гатычны характар будынка ўзмацняла афармленне вежаў вуглавымі гранёнымі пілонамі з востравугольнымі вімпергамі: паміж імі аркатурныя нішы са стрэльчатымі броўкамі.
Унутраная прастора касцёла падзялялася магутнымі слупамі і аркадамі на тры нефы. Пяцігранную абсіду запаўняў двухярусны алтар, вырашаны ў формах барока - 4 калоны неслі магутны крапаваны хвалісты антаблемент, паміж калонамі стаялі скульптуры святых Пятра і Паўла; другі ярус - прамавугольны шчыт з выгнутым карнізам.
У 1929 годзе перададзены пад клуб, а ў 1934 годзе, на хвалі барацьбы з каталіцызмам, касцёл быў узарваны. Плябанію гэты лёс не напаткаў. Першапачаткова яна была аднапавярховай, з высокімі стрэльчатымі вокнамі і чатырохскатным дахам. У 1930 гг. да яе быў прыбудаваны другі паверх, а архітэктурны стыль цалкам знішчаны. Да пачатку 1990-х гг. у будынку працаваў цэнтральны паштова-тэлеграфны вузел, а зараз яна выкарыстоўваецца як інтэрнат для часовых рабочых, што задзейнічаны на будоўле новага цэментнага завода пад Крычавам.
Вакол касцёла месціліся каталіцкія могілкі, якія былі цалкам зруйнаваны, а на іх месцы ўзведзены будынак для Крычаўскага гарадскога камітэта партыі. Пазней гаркам пераехаў у больш утульнае памяшканне. Напрыканцы 1990-х гг. вакол гэтага будынка распачаліся маштабныя земляныя работы, падчас якіх бульдозерамі на паверхню былі выгарнуты дзесяткі чарапоў, косці, рэшткі помнікаў і склепаў. Спробы грамадскіх актывістаў спыніць будаўніцтва плёну не давалі – работы працягваліся. Аднак іх усё ж давялося згарнуць пасля звароту мясцовай грамадскасці ў Цэнтр эпідэміялогіі і гігіены. Пасля гэтага работы былі спынены, а нарытыя яміны засыпаны.
Адраджэнне парафіі пачалося ў пачатку XXI ст. Першапачаткова багаслужэнні вяліся ў прыватным доме. Афіцыйна парафія была зарэгістравана 29 студзеня 2007 г.
Крыніца:
г. Крычаў Магілёўскай вобл. Касцёл // Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. Мн., 2008. С. 427—428.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Крычаў, у: http://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Беззаганнага_Зачацця_Найсвяцейшай_Дзевы_Марыі,_Крычаў.
Крычаў — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у: http://catholic.by/2/component/content/article/100245.html.