Адміністратар з правамі пробашча:
кс. Аляксандр Шупенька
Адрас:
вул. Ленінская, 126
213010 г. Шклоў
Шклоўскі р-н
Магілёўская вобл.
Рэспубліка Беларусь
Расклад багаслужэнняў:
- Св. Імша ў нядзелю і святы — 12.00
- Св. Імша ў будні — 10.00 альбо 18.00 (паводле раскладу на бліжэйшыя дні)
З гісторыі парафіі:
Мураваны касцёл у Шклове быў пабудаваны ў 1849 г. Асвячоны 12 жніўня 1849 г. у імя св. Апосталаў Пятра і Паўла. Для будаўніцтва храма была выкарыстана каробка былога тэатра. Да гэтага ў Шклове існаваў драўляны прыходскі касцёл, пабудаваны ў 1784 г.
Пляц з існаваўшым на ім будынкам ахвяравала касцёлу ў 1838 г. генерал-маёрша графіня Марыя Цуката. Будынак знакамітага тэатра, пабудаванага былым уладальнікам Шклова С.Г. Зорычам у 1780 г., пасля пераезду тэатральнай трупы ў 1800 г. у Санкт-Пецярбург прыйшоў у заняпад. Ён знаходзіўся ў новай частцы мястэчка (Новы Шклоў) на левым баку Яўрэйскай Прабойнай вуліцы, калі рухацца ад Магілёўскай заставы да рынка. Каробка была напалову двух- напалову трохпавярховая, без даху, акон, падлогі, на сценах месцамі меліся трэшчыны. Даўжыня будынка без залы складала 45 аршын, шырыня 18 аршын, прымыкаючая зала мела памеры 48х18 аршын. Губернскае праўленне выдала дазвол на перабудову каробкі былога тэатра ў касцёл, бо ніякай вартасці яна не ўяўляла, як толькі на разборку. Указ імператара, які зацвярджаў за касцёлам былы тэатральны будынак, быў падпісаны ў 1846 г.
25 мая 1847 г. асвяцілі месца будаўніцтва і пачаліся работы. Касцёл будаваўся на ахвяраванні прыхаджан. У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваюцца чарцяжы будынка тэатра і праект касцёла. Касцёл быў запректаваны трохнефны са скругленай апсідай. Галоўны фасад раскрапаваны 4 пілястрамі, завершаны разарваным трохвугольным франтонам з невялікай вежачкай у завяршэнні. Уваход аформлены спічастым прафіляваным парталам.
Касцёл быў пабудаваны за два гады. Згодна з рапартам настаяцеля касцёла, у 1847 г. паводле плана выканалі разборку часткі старых сцен, узвядзенне ад падмуркаў сцен алтара і прэсбітэрыя з рызніцай і кладоўкай, мураванай сцяны для размяшчэння аргана, а пад ім дзвюх кладовак, унутры касцёл ачысцілі ад друзу. У наступным 1848 г. работы былі завершаны: дах накрылі гонтам, вежу "англійскай" бляхай, унутры сцены, столі, калоны, скляпенні, карнізы патынкавалі. Праўда, пры аглядзе храма магілёўскім архібікупам было заўважана, што будынак узведзены з некаторымі адступленнямі ад плана. У прыватнасці, замест 6 калон усярэдзіне пастаўлены 4, на фасадзе ўвогуле паказаныя на праекце калоны не зроблены. На перабудове касцёла архібіскуп ужо не настайваў, пагадзіўся "пакінуць як ёсць", толькі рэкамендаваў зрабіць дзверы ў рызніцу. Як вышэй ужо адзначалася, асвячоны храм быў 12 жніўня 1849 г.
Вядома, што 10 верасня 1863 г. у касцёле адбыўся пажар. Будынак храма не пацярпеў, пашкоджаны быў бакавы прастол і некаторыя касцёльныя рэчы.
Уяўленне аб шклоўскім касцёле даюць нам інвентары канца 19 - пачатку 20 ст. Сцены звонку і ўнутры патынкаваны, унутры пабелены вапнай. Быў крыты гонтам. На франтоне ўзвышалася драўляная невялікая вежачка, абшытая цынкаванай бляхай. У касцёле налічвалася 8 вялікіх акон. Над галоўным уваходам, на ўзроўні хораў было акно з рознакаляровага шкла (вітраж). У апсідзе над галоўным алтаром быў круглы вітраж. У рызніцах на кожным паверсе было па аднаму акну з кратамі на першым паверсе. Унутры 6 слупоў падтрымлівалі столь. Падлога і столь былі драўляныя. У прытворы храма меліся дзве кладовыя. У кладовай з правага боку ад дзвярэй змяшчалася лесвіца на хоры з арганам. Насупраць аргана вісела шкляная лампада. Пры ўваходзе ў касцёл стаялі два канфесіяналы. Каля бакавога алтара Ісуса Хрыста з левага боку храма быў амбон, пафарбаваны белай фарбай і аздоблены пазалотай. Усіх алтароў налічвалася тры. Прэзбітэрый быў аддзелены балюстрадай. У прэзбітэрыі з абодвух бакоў размяшчаліся рызніцы, падзеленыя на два паверхі. Лесвіцы на другі паверх знаходзіліся ў саміх рызніцах.
Агароджа вакол касцёла была драўлянай. У правым куце агароджы знаходзілася драўляная званіа з 3 званамі.
Верагодна, у пачатку 20 ст. у касцёле быў праведзены рамонт. Пра гэта сведчыць інвентар 1907 г., у якім у апісанні касцёла маюцца некаторыя адрозненні ў параўнанні з інвентаром 1899 г. і ўдакладненні. Так, напрыклад, адзначалася, што сцены насупраць вялікага алтара расфарбаваны мінеральнымі фарбамі, у прэсбітэрыі і прытворы падлога была з рознакаляровых плітак, у асноўным памяшканні як і раней -- драўляная. У той час касцёл быў крыты ўжо жалезам і пафарбаваны алейнай шэрай фарбай. На вежы на галоўным фасадзе меўся пазалочаны жалезны крыж. Другі крыж быў на другім канцы фасада, відаць, над прэсбітэрыем. Удакладнялася, што над галоўным уваходам, насупраць хораў акно венецыянскае, верхнія тры шыбы каляровага шкла, а вышэй яго невялікае круглае, таксама з рознакаляровага шкла. Яшчэ адно круглае вітражнае акно было ў апсідзе. Амбон знаходзіўся пры другой калоне справа ад увахода. Быў пафарбаваны пад колер дуба. Перад галоўным алтаром вісела металічная лампада, за ёй шкляная жырандоль на 6 свечак, пасярэдзіне касцёла - сярэдняй велічыні медная жырандоль на 30 свечак. З левага боку ад галоўнага алтара знаходзіўся бакавы алтар з распяццем Ісуса Хрыста, справа - бакавы алтар св. Угодніка Антонія. Перад бакавымі алтарамі віселі шкляныя жырандолі на 4 свечкі.
З боку галоўнага фасада касцёла ў пачатку 20 ст. была зроблена мураваная агароджа, з астатніх трох бакоў заставалася драўляная. Як і раней у правым куце агароджы стаяла драўляная на мураваным падмурку званіца, у якой ужо меліся 4 званы.
У Вялікую Айчынную вайну касцёл захаваўся, значных пашкоджанняў не было, толькі ў сценах у 1944 г. зроблены адтуліны для закладкі ўзрыўчаткі. У акце абследавання помніка ў 1946 г. запісана, што на храме зроблены новы жалезны дах, будынак патынкаваны і пафарбаваны ў белы колер. Тынкоўка, унутры плоскія драўляныя перакрыцці, цэментная падлога былі ў добрым стане. Агароджа не захавалася.
У аснове кампазiцыi храма - прамавугольны ў плане аб'ём з закругленай алтарнай часткай, накрыты двухсхiльным дахам. Галоўны фасад перабудаваны, мае плоскаснае вырашэнне, завершаны двухгранным шчытом i фланкiраваны здвоенымi гранёнымi пiлонамi. Бакавыя фасады дэкарыраваны пiлястрамi, тонкапрафiляваным карнiзам. Унутраная прастора падзелена на 3 нефы. У бакавых нефах - сакрысцii, над уваходам хоры.
У парафіі служылі:
кс. Станіслаў Ярашэвіч
кс. Антоні Ярмаловіч
кс. Яўген Крулікоўскі
кс. Аляксандр Багдановіч
кс. Дзмітрый Іваноў
Крыніца:
Шклоў — парафія Святых апосталаў Пятра і Паўла, у: http://catholic.by/2/component/content/article/100279.html.
Касцёл св.Пятра і Паўла, у: http://belarustourism.by/firm/tourist-facilities/objects/detail.php?id=24131260.
Шклоў. Касцёл, у: http://www.radzima.org/be/object/2770.html.