13 чэрвеня – успамін св. Антонія Падуанскага, і асаблівы дзень для Магілёва, бо менавіта гэты святы з’яўляецца духоўным заступнікам Магілёва ўжо з канца ХVI стагоддзя. Менавіта з гэтай нагоды біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп нашай архідыяцэзіі, завітаў у парафію св. Антонія ў Магілёве, каб далучыцца да свята парафіі.
На ўрачыстую святую Імшу а 12 гадзіне сабралася амаль усё духавенства дэканату, за выключэннем кс. Роберта Мацееўскага, які пазней далучыўся да святкаванняў. Праславіць разам Госпада і падзякаваць Яму за Ягоныя ласкі сабраліся не толькі каталікі Магілёва, але і вернікі з Чавусаў, Фашчаўкі, Шклова, Горак і іншых мясцін нашага дэканату, а таксама з Полацку.
У гаміліі біскуп Юрый звярнуў увагу на некаторыя моманты жыцця св. Антонія, паказваючы, як ён давяраўся Богу ў сваім жыцці. “Сёння мы радуемся з таго, што парафія св. Антонія развіваецца, дзякуючы ахвярнаму служэнню а. Юрыя і а. Віталія. Мы радуемся, што даволі хутка растуць сцены будучай святыні, але яшчэ больш радуемся з таго, што павялічваецца парафіяльная супольнасць”- заўважыў біскуп.
"Сёння таксама айцы-кларэтыны адзначаюць патранальнае свята сваёй манаскай супольнасці - успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму мы асаблівым чынам сёння просім, каб і а. Юрый, і а. Віталій, і ўвесь ордэн місіянераў кларэтынаў былі сапраўднымі Сынамі Беззаганнага Сэрца Благаслаўлёнай Дзевы Марыі"-заклікаў біскуп Юрый.
Варта дадаць, што падчас святой Імшы таксама адбылося ўдзяленне сакраманту канфірмацыі – сакраманту хрысціянскай сталасці.
На заканчэнне безкрывавай Ахвяры Хрыста адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол будучай святыні, а таксама прысутныя супольна памаліліся гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем…”, просячы Міласэрнага Госпада і надалей спасыласць свае ласкі на магілёўскую зямлю.
Пасля Эўхарыстыі – Духоўнага Пасілку – удзельнікі свята мелі магчымасць таксама падсілкавацца фізічна.
Фота: Эдвард Кавалеўскі, www.facebook.com